
Амбасада Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь
Польскі Інстытут у Менску
Беларускі ПЭН-Цэнтар
Саюз беларускіх пісьменьнікаў
абвяшчаюць пра заснаваньне ЛІТАРАТУРНАЙ ПРЭМІІ ГЕДРОЙЦА
за найлепшую кнігу прозы, якая выйшла ў 2011 годзе на беларускай мове.
МЭТЫ ПРЭМІІ
- ушанаваць памяць Ежы Гедройца (Erzy Gedroyc) (1906 – 2000) – публіцыста, палітыка, заснавальніка і рэдактара парыскага грамадзка-палітычнага часопісу «Kultura» на польскай мове. Ежы Гедройц нарадзіўся ў 1906 годзе ў Менску і ў сваёй культурнай дзейнасьці быў пасьлядоўным прыхільнікам добрасуседзкіх зносінаў паміж Польшчай і Беларусьсю, Літвой, Украінай;
- паспрыяць паглыбленьню польска-беларускіх стасункаў у галіне культуры;
- папулярызаваць сучасную беларускую літаратуру ў Беларусі і Польшчы
- падтрымаць актуальных беларускіх пісьменьнікаў, паспрыяць выхаду іх творчасьці на міжнародны ўзровень
УМОВЫ ПРЭМІІ
Літаратурная прэмія Гедройца прысуджаецца за найлепшую кнігу, якая была выдадзеная (у папяровым або электронным варыянтах) у 2011 годзе на беларускай мове ў жанрах мастацкай прозы і эсэістыкі (журы прэміі пакідае за сабой права вызначаць жанр твораў у спрэчных выпадках).
Намінаваньне пройдзе ў тры этапы. На пачатку 2012 г будзе абвешчаны лонг-ліст прэміі (12 пазіцыяў). На пачатку лютага будзе абвешчаны шорт-ліст прэміі (6 пазіцыяў). Абвяшчэньне і ўшанаваньне пераможцы(-аў) адбудзецца 3 сакавіка 2012 году, у Міжнародны дзень пісьменьніка. Сярод узнагародаў – магчымасьць выдаць кнігу ў Польшчы, літаратурныя стыпэндыі і запрашэньні ў эўрапейскія дамы творчасьці.
Права прапаноўваць кнігі для ўключэньня ў лонг-ліст прэміі маюць: сябры журы, дырэктары выдавецтваў, кіраўнікі творчых суполак і пісьменьніцкіх арганізацыяў і (у пэрспэктыве) ляўрэаты прэміі папярэдніх гадоў. Для намінацыі кнігі на прэмію неабходна даслаць або перадаць у сядзібу Беларускага ПЭН-Цэнтру падпісаную заяўку ў адвольнай форме, далучыўшы да яе 5 асобнікаў намінаванай кнігі.
ЖУРЫ ПРЭМІІ
Валянцін Акудовіч – філёзаф, эсэіст
Маргарыта Аляшкевіч – літаратурны крытык
Уладзімір Арлоў – паэт, празаік, эсэіст
Пётр Казакевіч – дырэктар Польскага Інстытуту ў Менску
Адам Паморскі – перакладчык, прэзыдэнт Польскага ПЭН-клубу
Барыс Пятровіч – празаік, старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, галоўны рэдактар часопіса “Дзеяслоў”
Людміла Рублеўская – паэтка, пазаік, літаратурны крытык
Андрэй Хадановіч – паэт, перакладчык, старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтру.
Лешак Шарэпка– Надзвычайны і Паўнамоцны Амбасадар Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь (ганаровы старшыня журы).
КАНТАКТЫ ДЛЯ ПАДАЧЫ ЗАЯВАК
Паштовы адрас: 220050 Мінск, а/с 218.
Адрас сядзібы Беларускага ПЭН-Цэнтру г.Мінск, вул. Залатая горка 2-101.
ТЭРМІН ПАДАЧЫ ЗАЯВАК
Журы працуе з канца лістапада 2011 году. На сёньня разгледжана больш за дваццаць кніжных пазіцыяў. Аднак у ахвочых яшчэ ёсьць магчымасьць падаць заяўку да 10 студзеня 2012 г.
Даведкі па пытаньнях вылучэньня: (017)2881461 (з 9:00 да 16:00 па буднях) e-mail:pen@vessobel.by